Пацалункі-падарункі

Брыф
Кампанія «Аржаніца» займаецца перапрацоўкай дзікарослых ягад у дэсерты з 1996 года, яе флагманскі прадукт — легендарныя журавіны ў цукровай пудры. Яго ўпэўнена можна назваць не толькі смачным ласункам, але і сапраўдным беларускім суперфудам — крыніцай вялікай колькасці прыродных вітамінаў. Прадукт унікальны для еўрапейскага рынку, і яго часта возяць за мяжу ў якасці падарунка з Беларусі.
Аднак ранейшы дызайн упакоўкі ўжо састарэў. Больш таго, ён не раскрываў сутнасці прадукту. Гандлёвай марцы былі патрэбны абнаўленне візуальнага вобразу, нэйм і яркая камунікацыя, якая распавядала б пра яе паходжанне і значнасць.






Рашэнне
Нэйм, лагатып і дызайн упакоўкі
Новы дызайн упакоўкі — мінімалістычнае сучаснае рашэнне з яркім акцэнтам на прадукце і фірмовых колерах — чырвоным і белым. Фотастыль на бакавіне адцяняе асноўнае дызайн-рашэнне — там ягада паказана ў натуральных умовах. А пад крышкай знаходзіцца інфармацыя пра важнасць падтрымкі прыродаахоўных мерапрыемстваў, якая счытваецца ў момант кантакту з брэндам.
Натуральна, камунікацыя для такога прадукту стваралася на беларускай мове. Яна пачынаецца з нэйма «Пацалункі-падарункі», які падкрэслівае каштоўнасць журавін як падарунка лесу, створанага з любоўю. Нэйм не толькі рытмічны, але і візуальна гарманічны дзякуючы падобнаму напісанню слоў. Яго падтрымліваюць УГП, што паказваюць карыснасць і натуральнасць прадукту.
Місія брэнда
Беларускія балоты — старажытныя прыродныя экасістэмы — гэта не толькі «лёгкія Еўропы», але і дом для кустоў журавін. Для вытворчасці прадуктаў пад брэндам «Пацалункі-падарункі» выкарыстоўваюцца менавіта дзікарослыя ягады, і кліент зацікаўлены ў захаванні і аднаўленні іх прыроднай экалагічнай нішы.



Вольга Кашкан, крэатыўны дырэктар Fabula Branding.
«Цыкл работы над праектам быў дастаткова доўгім, бо перад нашай камандай стаяла вельмі аб’ёмная задача — не толькі прэзентаваць сам прадукт і падкрэсліць яго аўтэнтычнасць, але і падтрымаць ініцыятыву па ахове беларускіх балот — спрадвечнай скарбніцы здароўя, дзе растуць гэтыя ягады. Пазіцыянаванне дзікарослых журавін як беларускі суперфуд — прадукт надзвычайнай вартасці, што па колькасці мікраэлементаў і вітамінаў не саступае замежным аналагам (ягады годжы, семя чыа, спіруліна і г.д.), упэўнена, звярне ўвагу беларусаў на мясцовыя каштоўнасці, якімі можна ганарыцца».

Юлія Янюк, дызайнер Fabula Branding.
«Журавіны ў цукры — беларускі прадукт, які я гадоў пятнаццаць важу сваім сябрам, калі еду ў госці за мяжу. Пераапрануць яго, зрабіць прыгожым, густоўным — гонар для мяне.
А яшчэ праз працу над праектам «Пацалункі-падарункі» я адкрыла для сябе нашыя балоты, дзе расце цудоўная ягада, з новага боку. Цяпер гэта для мяне не пра ціну-руціну, а пра экасістэму, якой каля 10 тысяч год, што дае яшчэ большае разуменне нашай краіны як адметнасці».

Анатоль Брылёнак, дырэктар ТДА ВКФ «Аржаніца».
«Кампанія «Аржаніца» вырабляе журавінавае дражэ па ўласных тэхналогіях, якія маюць сусветную навізну, пацверджаную Еўразійскім патэнтам. На працягу шматлікіх гадоў наша фірма задзейнічана ў міжнародных праграмах прыродаахоўнага напрамку, якія накіраваны на захаванне балот і эфектыўнае выкарыстанне іх рэсурсаў. Мы разумеем, як важна фарміраваць экалагічны светапогляд, у тым ліку і з дапамогай абноўленай упакоўкі. Новы дызайн спадабаўся пакупніку, пра што сведчаць водгукі на нашым сайце і павелічэнне аб’ёмаў продажу прадукцыі. Акрамя таго, ужо паступілі прапановы аб пастаўках нашых ягад ў некалькі новых гандлёвых сетак».

Рэбрэндынг прадукту і абноўленая стратэгія развіцця дапамаглі кампаніі «Аржаніца» пачаць супрацоўніцтва з ПРААН.
Выкарыстанне сапраўдных прыродных кампанентаў у прадуктах харчавання — добры інструмент для прасоўвання прыродаахоўных мерапрыемстваў.
Каб сфакусаваць увагу на экалагічнай праблеме і ахапіць пры гэтым розныя сегменты патэнцыйнай аўдыторыі, вытворца плануе выкарыстаць усе даступныя каналы. Таму сваё дызайн-рашэнне мы зрабілі максімальна адаптыўным для розных носьбітаў.


