Para
Брыф
Стваральнікі лазневага комплексу Para звярнуліся ў Fabula Branding на этапе асэнсавання будучага фармату. У праекта ўжо была аснова, але трэба было ператварыць яго ў цэласны, выразны і пазнавальны брэнд — прастору паўнавартаснага адпачынку, зносін і цёплых сустрэч.
Заказчыкі бачылі комплекс як кліентаарыентаванае месца з прадуманым сэрвісам, правільным меню і атмасферай, у якой лазневы адпачынак становіцца прыемным рытуалам. Тут можна аднавіцца целам, правесці час з блізкімі, сустрэцца з сябрамі ці арганізаваць мерапрыемства. Задача Fabula Branding заключалася ў тым, каб перадаць гэтую ідэю праз назву, камунікацыю і візуальную сістэму брэнда.
Задачы
- распрацаваць яркі нейм;
- стварыць слоган, які падтрымае ідэю;
- сфармаваць мову брэнда для розных пунктаў кантакту;
- распрацаваць пазнавальную айдэнтыку;
- перадаць у візуальнай сістэме адчуванне клопату, утульнасці і прадуманага сэрвісу.
Fabula Branding прапанавала назву Para — кароткую, прыгожую, цёплую і шматслойную. У ёй спалучыліся адразу некалькі сэнсаў, важных для будучага брэнда.
Нэймінг
Першы слой — гэта пара (так, па-беларуску не «пар», а менавіта «пара» — жаночага роду) як цёплая вільгаць, што напаўняе лазню і дае расслабленне целу і розуму. Другі — адсылка да сямейнай пары людзей, якія стварылі комплекс і цяпер гасцінна запрашаюць прыходзіць туды парамі. Трэці сэнс раскрываецца праз гучанне «Пара!» з націскам на другім складзе — як мяккае запрашэнне спыніцца, расслабіцца і нарэшце прысвяціць час сабе.
Назва атрымалася простай для запамінання, эмацыйнай і дастаткова гнуткай, каб працаваць і ў візуальнай айдэнтыцы, і ў камунікацыі, і ў атмасферы самой прасторы.
Для брэнда распрацаваны слоган «У плыні цеплыні». Ён пабудаваны на мяккім сугуччы, рыфме і плаўным рытме, дзякуючы чаму гучыць натуральна і атмасферна.
Слоган і камунікацыя
У ім ёсць адчуванне руху, цяпла і расслаблення — стану, да якога павінен прыводзіць лазневы рытуал. Fabula Branding таксама заклала аснову для камунікацыі брэнда, распрацаваўшы ўніверсальныя фразы, якія могуць выкарыстоўвацца ў навігацыі, сацыяльных сетках, сэрвісных паведамленнях і рэкламных матэрыялах. У цэнтры гэтай камунікацыі — запрашэнне ў стан: запаволіцца, сагрэцца, пабыць разам, адчуць клопат і цяпло.
Айдэнтыка
У візуальнай сістэме Fabula Branding зрабіла акцэнт на прыроднасці. Для Para было важна пазбегнуць адчування жорсткай, халоднай або занадта дэкаратыўнай айдэнтыкі. Брэнд павінен быў выглядаць мякка, натуральна і тактыльна — як працяг самой лазневай атмасферы.
Лагатып пабудаваны на гнуткіх прыродных лініях. Яго графіка тонкая і плаўная, без рэзкіх вуглоў і лішняй складанасці.
Літары “r” і “a” пераплятаюцца паміж сабой, фарміруючы вобраз галінкі дрэва. Гэты элемент падтрымлівае ідэю жывой, прыроднай прасторы, дзе клопат праяўляецца ў дэталях.
Фірмовая палітра таксама працуе на адчуванне спакою і натуральнасці. Стрыманы зялёны перадае сувязь з прыродай, а цёплы бэжавы дадае мяккасці, утульнасці і цялеснага цяпла. Разам яны фарміруюць візуальны вобраз брэнда, якому давяраеш з першага кантакту.
Брэнд атрымаў мяккі, запамінальны вобраз, які адлюстроўвае ідэю лазневага комплексу як месца для адпачынку, сустрэч, цёплых зносін і прадуманага сэрвісу.
Вынік
Fabula Branding стварыла для Para цэласную брэндавую аснову: шматслойную назву, атмасферны слоган, аснову для вербальнай камунікацыі і прыродную візуальную айдэнтыку.
Para гучыць цёпла, выглядае натуральна і раскрывае ідэю наведвання лазні як часу, калі сапраўды пара спыніцца, выдыхнуць і ўвайсці ў плынь цеплыні.