Бабіна лета. Шчырыя дні: як мы варылi сочыва з бабуляй Воляй
Бабіна лета мы сёлета вырашылі адзначыць па-асабліваму і ўкласці ў яго столькі цеплыні, колькі мажліва.
Здаецца, нам па-сапраўднаму ўдалося запаволіцца: заўважыць, як прыгожа становіцца навокал восенню, адчуць вераснёвую празрыстасць паветра і холад сцюдзёнай вады з калодзежу. Гэта быў час, калі разам з цудоўнай бабуляй Воляй мы варылі яблычнае сочыва з духмяных хатніх яблык, вязалі нізкі абаранкаў, ласаваліся традыцыйнымі слуцкімі "камякамі" (бульбяное пюрэ са шкваркамі), седзячы за агульным сталом у садзе, шмат смяяліся. Мы рабілі падарункі ад сэрца – сэрцу, і гэта не проста бабуліна сочыва і гарбатка (дарэчы, нашая родная, беларуская – з шыпшыны, чарніц, парэчак, іван-чаю і багата чаго іншага), а нешта нашмат большае: напамін пра важнасць цаніць час і сталасць, памятаць свае карані і не губляць ніводнай хвіліны, пакуль нашыя родныя жывыя...
Нам здаецца, мы пражылі гэты час не дарма.
Фота: Аляксей Каржанец. Увесь фотарэпартаж можна паглядзець тут.