Fabula на фестывалі рэкламы AD.NAK: тры ўзнагароды і шорт-ліст
Тры ўзнагароды і шорт-ліст
Шчырасць, самабытнасць, весялосць – менавіта гэтымі словамі можна ахарактарызаваць пяты Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, які прайшоў у Мінску напрыканцы чэрвеня. Цудоўныя людзі, выбітныя праекты і – новыя ўзнагароды ў скарбонцы кампаніі Fabula Branding!
Нашыя працы-пераможцы
2-е месца ў намінацыі "Этыкетка і ўпакоўка": "Ветлінка"
Дызайн упакоўкі прэміяльнай маркі эксклюзіўных мясных біяпрадуктаў грунтуецца на беларускіх каштоўнасцях і ўвасоблены ў рэканструяваных дэталях адзення і побыту, прамаляваных ў адпаведнасці з гістарычнай традыцыяй.
Кожная з чатырох сюжэтных ліній распавядае сваю гісторыю і адлюстроўвае канцэпт “ветлівасці”.
3-е месца ў намінацыі "Этыкетка і ўпакоўка" : "YESці"
Лексічная і фанетычная гульня на міжмоўным узроўні ў нэйме, адмысловыя аўтарскія ілюстрацыі і характэрная бела-чырвоная палітра з арнаментам надаюць распрацаванай гандлёвай марцы асаблівы народны каларыт вясёлага і шумнага свята, калі за аднім сталом збіраецца ўся сям'я. Нацыянальныя традыцыі праз прызму добрага і лагоднага гумару, без напышлівасці і маралізатарства.
2-е месца ў намінацыі "Графічны і камунікацыйны дызайн": "ФаБулка Велікодная"
На мінулы Вялікдзень Fabula падаравала сваім сябрам і кліентам святочныя сюрпрызы: булкі і пернікі ручной работы, а таксама паштоўку-фабулку.
Так, адно з галоўных хрысціянскіх святаў беларусаў стала добрай нагодай разам успомніць пра нашу мову, цудоўную культуру і своеасаблівае адчуванне свету.
Шорт-ліст: "Князь Рыбанька"
Выбітны прыклад моўнай гульні, якая ў адным дыскурсе звязала прадуктовую катэгорыю і легендарную гістарычную асобу – Міхала Казіміра Радзівіла Рыбаньку, заснавальніка слуцкай мануфактуры. Тым больш, што ўся прадукцыя брэнда – ад селядца да чырвонай рыбы – была вельмі любімай у шляхецкім асяроддзі.
Адзначым, што крэатыўны дырэктар Fabula Branding Вольга Кашкан была ў журы фестывалю па шэрагу намінацый, а таксама выступіла з дакладам пра тэндэнцыі ў беларускамоўным брэндынгу ў межах фестывальнай адукацыйнай праграмы.